«Набіванка: традыцыя і сучаснасць»


Музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер'я запрашае на адкрыццё новай выстаўкі “Набіванка: традыцыя і сучаснасць” 19 верасня а 16-й гадзіне.

У апошні час у грамадстве асаблівая ўвага надаецца пытанням захавання і перадачы гісторыка-культурнай спадчыны маладому пакаленню. Сёння на базе музеяў, гарадскіх і сельскіх цэнтраў рамёстваў, палацаў культуры даследуюцца і адраджаюцца малавядомыя і забытыя рамесныя традыцыі, якія бытавалі на тэрыторыі Беларусі з самых старажытных часоў.

Набіванка (“выбойка”, “крашаніна”, “набіванне”) – гэта адна з тэхнік дэкарыравання тканіны з выкарыстоўваннем дошкі-клішэ з рэльефным узорам. Набіванка распаўсюдзілася ў XVI – XVII стст. у Віцебску, Магілёве, Полацку, Оршы, Бабруйску. У гэтых гарадах размяшчаліся найбуйнейшыя майстэрні па набіванцы ў XIX ст. А пасля яна распаўсюдзілася і ў малых населеных пунктах. З дапамогай набіванкі дэкарыравалі прадметы хатняга тэкстылю – абрусы, ручнікі, прасціны і г. д. Таксама пры дапаможе набіванкі ўпрыгожвалася тканіна, з якой выраблялі элементы касцюма: сарафаны, кашулі, фартухі. Узоры маглі змяшчаць раслінныя матывы, геаметрычныя фігуры, выявы людзей і жывёл, а таксама сцэны з паўсядзённага жыцця.

З развіццём тэкстыльнай прамысловасці і механізаваннем нанясення малюнка ручная набіванка да канца XIX ст. паступова становіцца незапатрабаванай. У першай палове ХХ ст. вытворчасцю ручной набіванкі займаліся толькі адзінкавыя майстры.

Часовая экспазіцыя «Набіванка: традыцыя і сучаснасць» прадстаўлена ў дзвюх пласкасцях: гістарычнай, што паказвае з’яўленне і развіццё набіванкі ў ХІХ ст. – першай палове ХХ ст. на тэрыторыі Беларусі, і сучаснай, якая адлюстроўвае  адраджэнне і пераасэнсаванне старадаўняга майстэрства ў працах майстроў нашага часу.

Дадзеная экспазіцыя з’яўляецца важным крокам у захаванні і папулярызацыі беларускай культурнай спадчыны, становіцца вельмі актуальнай у сучасным свеце, дзе назіраецца павелічэнне цікавасці да традыцыйнай культуры.  Гэта яшчэ і прыклад таго, што сапраўдная традыцыя – не застылая, а жывая. Яе можна і трэба адраджаць, пераасэнсоўваць. Набіванка ў якасці старажытнай тэхнікі дэкарыравання тканіны мае поўнае права заняць сваё месца ў беларускім мастацтве. Набіваныя тканіны – выдатны багаты матэрыял для працы рамеснікаў і дызайнераў.

Часовая экспазіцыя “Набіванка: традыцыя і сучаснасць” падрыхтавана ў рамках аўтарскага праекта “Полацкая набіванка” пры падрымцы гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сферы культуры на 2025 год.

465